ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА,

кірунак у этнаграфіі і фалькларыстыцы, што разглядаў культуру кожнага народа як сістэму інстытутаў (норм, звычаяў, вераванняў), іх функцыянальнасць у грамадстве (адсюль назва). Склалася ў пач. 20 ст. ў Вялікабрытаніі і ЗША. Заснавальнікі і гал. тэарэтыкі Б.​К.​Маліноўскі (кн. «Арганаўты Заходняй часткі Ціхага акіяна», 1922) і А.​Р.​Радкліф-Браўн. Ігнараванне праблем марфалогіі, прамалінейнасць функцыянальнага падыходу крытыкавалі К.​Леві-Строс, А.​М.​Хокарт. Функцыяналізмам нярэдка наз. першапачатковую форму структуралізму. У этнаграфіі акцэнтавала ўвагу на даследаванні пэўных этнасаў і этнічных груп, суадносін з імі абрадаў, звычаяў, вераванняў, матэрыяльнай культуры, узаемаадносін індывідуума з групай і ўнутры яе. У фалькларыстыцы грунтавалася на вывучэнні залежнасці персанажаў нар. твораў ад уласцівых ім функцый, аналізе функцыянальнасці паэзіі, яе сувязі з вераваннямі. Паняцце функцыі ў фалькларыстыцы ўвёў У.​Я.​Проп, які ў кн. «Марфалогія казкі» (1928) адкрыў у чарадзейных казках аднатыпнасць іх будовы, заканамернасці паўтораў функцый, іх абмежаваную колькасць пры шматлікасці форм і аднолькавую паслядоўнасць. Сучасныя этнографы і фалькларысты разам з распрацоўкай праблем нар. культуры даследуюць функцыянальнасць абрадаў і паэт. твораў.

А.​С.​Фядосік.

т. 16, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)